Информационно-пpавовой интернет-магазин

                            В море правовой информации выберите нужную Вам или закажите ее у нас.

Дикта, на склонах которой вырос бог богов Зевс, поможет и Вам достичь желаемых высот.  

                            Авторские права  защищены законом (подробнее)

          е-mail: Lipen.L@mail.ru     тел. (+375-29) 6-54-71-01  


Корзина (0)

ПАСТАНОВА САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ 21 чэрвеня 2011 г. № 806 Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку правядзення конкурсу пры замяшчэнні пасад педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ва ўстановах вышэйшай адукацыі Рэспуб

ПАСТАНОВА САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

21 чэрвеня 2011 г. № 806

Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку правядзення конкурсу пры замяшчэнні пасад педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ва ўстановах вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь

У адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 203 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць прыкладзенае Палажэнне аб парадку правядзення конкурсу пры замяшчэнні пасад педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ва ўстановах вышэйшай адукацыі Рэспублiкi Беларусь.

2. Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў двухмесячны тэрмін прывесці свае нарматыўныя прававыя акты ў адпаведнасць з дадзенай пастановай.

3. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу з 1 верасня 2011 г., за выключэннем пункта 2, які ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь

М.Мясніковіч

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Савета Міністраў
Рэспублікі Беларусь

21.06.2011 № 806

ПАЛАЖЭННЕ
аб парадку правядзення конкурсу пры замяшчэнні пасад педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ва ўстановах вышэйшай адукацыі Рэспублiкi Беларусь

1. Дадзеным Палажэннем, распрацаваным у адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 203 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, рэгулюецца парадак правядзення конкурсу пры замяшчэнні пасад педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу (далей – конкурс) ва ўстановах вышэйшай адукацыі Рэспублiкi Беларусь (далей – установы адукацыі) незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасцi i формы ўласнасцi.

2. Парадак правядзення конкурсу ва ўстановах адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку кадраў па спецыяльнасцях (накірунках спецыяльнасцей, спецыялізацыях) для Узброеных Сіл Рэспублiкi Беларусь, органаў унутраных спраў, органаў дзяржаўнай бяспекі, органаў пагранічнай службы, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, устанаўліваецца заканадаўствам аб праходжанні адпаведнай службы.

3. Мэтай конкурсу з’яўляецца адбор на пасады педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу асоб, якiя маюць глыбокiя прафесiйныя веды, навуковыя дасягненнi ў адпаведнай галiне навукi, забяспечваюць падрыхтоўку высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў, развіццё іх інтэлектуальных і творчых здольнасцей.

4. Да пасад педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстановы адукацыі, якія замяшчаюцца па конкурсу, адносяцца: асiстэнт, выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт, прафесар, загадчык кафедры (далей, калі не ўказана іншае, – педагагічныя работнікі).

5. Пасады педагагічных работнікаў замяшчаюцца па конкурсу на тэрмiн да пяці гадоў.

6. Конкурс аб’яўляецца кіраўніком установы адукацыі праз сродкі масавай інфармацыі не менш чым за два месяцы да заканчэння тэрмiну выбрання асобы, якая займае пэўную пасаду.

Пры наяўнасці вакантнай пасады конкурс аб’яўляецца кіраўніком установы адукацыі на працягу навучальнага года па меры яе паяўлення.

7. У конкурсе могуць прымаць удзел асобы, якiя займаюць пэўную пасаду ва ўстанове адукацыі, у якой праводзіцца конкурс, а таксама iншыя кандыдаты. Асоба, якая выбрана па конкурсу, прымаецца на адпаведную пасаду шляхам заключэння кантракта. Тэрмiн, на якi заключаецца кантракт, вызначае наймальнiк. У выпадку, калi кантракт заключаны на тэрмiн менш чым пяць гадоў, наймальнiк мае права прадоўжыць яго ў межах тэрмiну выбрання па конкурсу або зноў аб’явiць конкурс. Асоба, якая выбрана па конкурсу, мае права адмовiцца ад заключэння кантракта, у вынiку чаго выбранне на пасаду можа аказацца нерэалiзаваным.

8. Конкурс не аб’яўляецца на пасады, якiя заняты цяжарнымi жанчынамi i жанчынамi, што маюць дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў.

9. Асобы, якiя асвоілі адукацыйную праграму аспiрантуры (ад’юнктуры), што забяспечвае атрыманне навуковай кваліфікацыі «Даследчык», адукацыйныя праграмы вышэйшай адукацыі ІІ ступені, а таксама асобы, якія асвоілі адукацыйную праграму вышэйшай адукацыі І ступені і маюць стаж работы на пасадзе выкладчыка-стажора адзін год, могуць замяшчаць пасады асiстэнта, выкладчыка без конкурсу два гады.

Асобы, якія асвоілі адукацыйную праграму дактарантуры, могуць замяшчаць пасады педагагічных работнікаў без конкурсу адзін год.

10. Пасля заканчэння тэрмiну, устаноўленага ў пункце 9 дадзенага Палажэння, пасады педагагічных работнікаў замяшчаюцца па конкурсу ва ўстаноўленым парадку.

11. Конкурс пры замяшчэнні пасад педагагічных работнікаў на ўмовах няпоўнага працоўнага часу аб’яўляецца па вырашэнню кіраўніка ўстановы адукацыі.

12. Выбранню па конкурсу асоб, якiя раней не працавалi на пасадах штатных педагагічных работнікаў, павiнна папярэднiчаць iх педагагічная дзейнасць на працягу аднаго года ва ўстанове адукацыі на ўмовах сумяшчальнiцтва.

13. Кіраўніку ўстановы адукацыі дазваляецца ў неабходных выпадках прымаць работніка па тэрмiноваму працоўнаму дагавору на гадавы тэрмiн да выбрання яго на пасаду, якую ён займае, па конкурсу.

14. У конкурсе пры замяшчэнні пасад асiстэнта, выкладчыка, старшага выкладчыка могуць прымаць удзел асобы, якiя маюць, як правiла, вучоную ступень кандыдата навук, стаж педагагічнай дзейнасці ў адпаведнасці з кваліфікацыйнымі патрабаваннямі.

Пасады асiстэнта, выкладчыка, старшага выкладчыка могуць замяшчацца па конкурсу таксама асобамi без вучонай ступені, якія маюць вопыт педагагічнай дзейнасці, навукова-даследчай i вытворчай работы.

15. У конкурсе пры замяшчэнні пасады прафесара цi загадчыка кафедры прымаюць удзел асобы, якiя маюць, як правiла, вучоную ступень доктара навук або вучонае званне прафесара, стаж педагагічнай дзейнасці ў адпаведнасці з кваліфікацыйнымі патрабаваннямі.

16. У конкурсе пры замяшчэнні пасады дацэнта могуць прымаць удзел асобы, якiя маюць, як правiла, вучоныя ступені доктара, кандыдата навук або вучоныя званні прафесара, дацэнта, стаж педагагічнай дзейнасці ў адпаведнасці з кваліфікацыйнымі патрабаваннямі.

17. Пасады дацэнта, прафесара, загадчыка кафедры могуць замяшчацца таксама высокапрафесійнымі спецыялiстамi ў адпаведных галiнах эканомікі і сацыяльнай сферы, якiя не маюць вучоных званняў i ступеней, але валодаюць вялiкiм вопытам практычнай работы па профілю дзейнасці кафедры.

18. Тэрмiн падачы прэтэндэнтамі заяў на конкурс – адзiн месяц з дня апублiкавання аб’явы.

Асоба, якая жадае прыняць удзел у конкурсе, падае заяву на iмя кіраўніка ўстановы адукацыі.

Да заявы на ўдзел у конкурсе дадаюцца наступныя дакументы:

асабовы лiсток па ўлiку кадраў;

аўтабiяграфiя;

копii дакументаў аб адукацыi, вучонай ступенi, вучоным званнi;

характарыстыка з апошняга месца працы;

спiс навуковых прац, вынаходнiцтваў, патэнтаў.

Асоба, што працуе ва ўстанове адукацыі, у якой праводзіцца конкурс, падае толькi заяву, спiсы навуковых прац, вынаходнiцтваў, патэнтаў.

Асобе, якая жадае прыняць удзел у конкурсе ў iншай установе адукацыі, выдаецца характарыстыка па месцу працы не пазней як за дзесяць дзён з дня звароту.

19. У выпадку адсутнасцi заяў конкурс лiчыцца няздзейсненым.

20. Дакументы, якiя паступiлi на конкурс, спачатку разглядаюцца на пасяджэннi адпаведнай кафедры.

Па вынiках разгляду дакументаў па кожнаму кандыдату, якi ўдзельнiчае ў конкурсе, кафедра прымае адкрытым (тайным) галасаваннем заключэнне з адпаведнай рэкамендацыяй простай большасцю галасоў штатных выкладчыкаў (у тым лiку сумяшчальнiкаў) i навуковых супрацоўнiкаў кафедры. Пасяджэнне кафедры лiчыцца паўнамоцным, калi на ім прысутнічала не менш за дзве трэція штатных выкладчыкаў (у тым лiку сумяшчальнiкаў) i навуковых супрацоўнiкаў кафедры.

21. Пасяджэнне кафедры, на якім абмяркоўваецца кандыдатура на замяшчэнне пасады загадчыка кафедры, праводзiць дэкан факультэта або ўпаўнаважаны прарэктар установы адукацыі.

Дэкан факультэта ці ўпаўнаважаны прарэктар установы адукацыі, якi не ўваходзіць у прафесарска-выкладчыцкі склад дадзенай кафедры, пры прыняццi кафедрай заключэння па кандыдатуры на замяшчэнне пасады загадчыка кафедры ў галасаваннi не ўдзельнiчае.

22. Заключэнне кафедры ў дзесяцiдзённы тэрмiн афармляецца пратаколам і накiроўваецца для далейшага разгляду ў савет установы адукацыі (факультэта).

23. Выбары па конкурсу на пасады педагагічных работнікаў праходзяць на саветах устаноў адукацыі (факультэтаў) шляхам тайнага галасавання.

Выбары па конкурсу на пасады асiстэнта, выкладчыка, старшага выкладчыка, дацэнта праходзяць на савеце факультэта, а на пасады прафесара, загадчыка кафедры – выключна на савеце ўстановы адукацыі.

24. Па кожнай кандыдатуры на савеце ўстановы адукацыі (факультэта) перад правядзеннем тайнага галасавання абвяшчаюцца заключэнне кафедры з адпаведнай рэкамендацыяй, вынiкi павышэння квалiфiкацыi, спiс навуковых прац, вынаходнiцтваў, патэнтаў за перыяд, якi папярэднiчаў конкурсу.

25. Пры правядзеннi працэдуры галасавання прозвiшчы ўсiх кандыдатаў на замяшчэнне пасад уключаюцца ў бюлетэнь для тайнага галасавання па выбранню на пасаду згодна з дадаткам.

26. Перад галасаваннем з членаў савета ўстановы адукацыі (факультэта) выбiраецца падлiковая камiсiя ў колькасцi не менш за тры чалавекi (у складзе старшыні і членаў камісіі), якая праводзiць тайнае галасаванне, падлiк галасоў i афармленне пратаколаў падлiковай камiсіі.

27. Рашэнне савета ўстановы адукацыі (факультэта) лiчыцца правамоцным, калi за яго прагаласавала больш за палавіну ўдзельнiкаў галасавання i пры наяўнасцi на пасяджэннi дзвюх трэціх членаў савета ўстановы адукацыі (факультэта).

Калi пры правядзеннi конкурсу, у якiм прымалi ўдзел два ці больш кандыдатаў, нi адзiн з iх не набраў неабходнай колькасцi галасоў, праводзiцца паўторнае галасаванне на гэтым жа пасяджэннi савета ўстановы адукацыі (факультэта).

28. Пратаколы падлiковай камiсii з вынiкамi тайнага галасавання абвяшчаюцца на пасяджэннi савета ўстановы адукацыі (факультэта) старшынёй камiсii i зацвярджаюцца гэтым саветам.

29. Пры нязгодзе з рашэннем савета факультэта па вынiках правядзення конкурсу кандыдаты на замяшчэнне пасад асiстэнта, выкладчыка, старшага выкладчыка, дацэнта факультэта маюць права звярнуцца ў савет установы адукацыі.

30. Рашэнне савета ўстановы адукацыі, якое прымаецца тайным галасаваннем, з’яўляецца канчатковым.

31. Асобы, якiя ўдзельнiчаюць у конкурсе, маюць права прысутнічаць на пасяджэннi савета ўстановы адукацыі (факультэта).

32. Пры аб’яднаннi або раздзяленнi кафедр правядзенне датэрмiновага конкурсу не дазваляецца.

Пры аб’яднаннi кафедр рашэнне аб замяшчэннi пасады загадчыка зноў створанай кафедры прымае савет установы адукацыі (факультэта) шляхам тайнага галасавання без аб’яўлення конкурсу.

Пры раздзяленнi кафедры яе загадчык назначаецца на пасаду загадчыка адной са створаных кафедр загадам кіраўніка ўстановы адукацыі. Пасада загадчыка другой кафедры замяшчаецца па конкурсу ва ўстаноўленым парадку.

33. Кіраўніку ўстановы адукацыі дазваляецца ўскладаць выкананне абавязкаў загадчыка кафедры да правядзення конкурсу на аднаго з членаў кафедры, але на тэрмін не больш як адзін год.

34. Асобы, якiя не выбраны па конкурсу на пасаду, якую займалi раней, а таксама тыя, хто не падаў заявы на ўдзел у конкурсе, вызваляюцца ад пасады ў сувязi з заканчэннем тэрмiну выбрання ў парадку, якi вызначаны працоўным заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

 

 

 

Дадатак

да Палажэння аб парадку правядзення
конкурсу пры замяшчэнні пасад
педагагічных работнікаў з ліку
прафесарска-выкладчыцкага складу
ва ўстановах вышэйшай адукацыі
Рэспублiкi Беларусь

 

БЮЛЕТЭНЬ
для тайнага галасавання па выбранню на пасаду

______________________________________________________________________________

(назва пасады)

______________________________________________________________________________

савет _________________________________________________________________________

(назва ўстановы вышэйшай адукацыі або факультэта гэтай установы)

да пасяджэння савета ___________________________________________________________

(дата i нумар пратакола)

1. ____________________________________________________________________________

(прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку кандыдата на пасаду)

2. ____________________________________________________________________________

 

У бюлетэнi патрэбна закрэслiць цi пакiнуць прозвiшча кандыдата.

 

 

 

Скачивание заказа

Номер заказа:
E-mail*:

Новости

    Записей не найдено.